На главную                        Гісторыка-архіўная спраўка

 

Адукацыя на Язненшчыне пачалася з адкрыцця ў 1875 годзе народнага вучылішча – пачатковай свецкай школы. Школа пераведзена з Грыгаравіч, дзе існавала з 1863 года. Першымі настаўнікамі былі Варфаламій Мацвеевіч Рочын, які закончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, законанастаўнік праваслаўнага вераспавядання Якаў Міхайлавіч Архангельскі, які закончыў Цвярскую духоўную семінарыю. У школе выкладалі Закон Божы, арыфметыку, чытанне, мову і царкоўныя спевы. Навучалася 53 хлопчыкі і 1 дзяўчынка. Народнае вучылішча паклала пачатак масавай народнай адукацыі сярод сялян Язненшчыны, садзейнічала росту іх свядомасці і культуры.

    Пазней, 1 лістапада 1887 года, у Язне адкрылася царкоўна-прыхадская школа граматнасці. Яна рамяшчалася пры доме святара Якава Архангельскага. Бясплатна 22 праваслаўныя хлопчыкі навучаліся Закону Божаму, царкоўнаславянскаму чытанню і арыфметыцы, рускаму чыстапісанню і чытанню. Навучанне вялі святар і селянін Ігнацій Рыгоравіч Казлоўскі, які закончыў курс Язненскага народнага вучылішча.

    Пад уладай Польшчы школа прадаўжала працаваць, але беларуская мова знаходзілася пад забаронай. Дзяцей хацелі выгадаваць палякамі (з успамінаў В. Мядзельца).

    17 верасня 1939 года ў Язна прыйшлі Саветы. Усе дзеці школьнага ўзросту павінны былі размаўляць абавязкова па беларуску. Дырэктарам стаў Ігнат Мятла – высокаадукаваны, культурны, справядлівы чалавек, гарачы патрыёт Беларусі.

    З прыходам немцаў пазняй восенню 1941 года школа пачала працаваць зноў. Яна адкрылася дзякуючы мясцовым энтузіястам, беларусам-патрыётам. Дырэктарам стаў зноў Ігнат Мятла. Настаўнікі давалі веды аб прыродзе, аб свеце. Настаўнікі і вучні гаварылі толькі па-беларуску. Школа працавала да 1943 года. У 1943 годзе зімой яна была спалена.

    Пасля вайны заняткі ў школе аднаўляюцца. Размяшчаецца яна ў розных драўляных будынках у цэнтры вёскі.

    У 1956 годзе была пабудавана цагляная двухпавярховая школа, першымі выпускнікамі якой сталі 12 вучняў.

                                                                          НАЗАД

Сайт управляется системой uCoz